Серада, Лістапад 20, 2019

Летні адпачынак дзяцей у Польшчы

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Навіны

Заўжды прыемна ўзгадваць непаўторныя моманты летніх канікул. Асабліва, калі правёў іх у чароўных мясцінах, побач з добрымі сябрамі, а таксама ў адзінстве з Богам. У ліпені–жніўні 2019 года тры групы дзяцей з дванаццаці парафій Віцебскай дыяцэзіі (усяго 131 асоба) атрымалі магчымасць адпачыць у цэнтры Caritas Свідніцкай дыяцэзіі ў Загужу Слёнскім.

І ў іх усё гэта было… Чароўныя мясціны. Найпрыгажэйшы рэгіён Польшчы - Дольны Слёнск, Свідніца, Вроцлаў, Савіныя горы, Сталовыя горы, захапляльная архітэктура, пакручастыя сцежкі, стромкія пагоркі, высачэзныя дрэвы. Добрыя сябры. Старыя і верныя, новыя і нечаканыя, малодшыя і старэйшыя. Руплівыя, сардэчныя, часам строгія выхавацелі. Добразычлівыя і гасцінныя нашыя свідніцкія калегі і каляжанкі. Адзінства з Богам. У штодзённай Святой Імшы, у святарскім слове, у вясёлых і паважных спевах, у дапамозе і прабачэнні бліжняму.

Усе мы: супрацоўнікі і валанцёры Карытас Віцебскай дыяцэзіі, дзеці і іх бацькі хочам выказаць удзячнасць людзям, без якіх гэтая летняя прыгода не змагла б адбыцца: кс. Радославу Кіселю, дырэктару Карытас Свідніца, і пані Сабіне Дарозік, сакратару, за запрашэнне, арганізацыю і забяспечванне прабывання дзяцей на адпачынку; кс. Даніэлю Рыдзу, намесніку дырэктара, за тое, што асабіста клапаціўся пра нашых дзетак, што паказваў ім правільны накірунак на сцежках зямных і духоўных; пані Гражыне, пані Івоне, пані Камілле за смачныя пасілкі і хатнюю атмасферу, а таксама ўсім тым, хто прычыніўся да таго, каб цёплыя ўспаміны аб летніку яшчэ доўгі час сагравалі нашыя сэрцы.

с. Дар'я Галубкова OV


 

Сістэма Orphus