Серада, Лістапад 20, 2019

У Глыбокім прайшло мерапрыемства для людзей з абмежаванымі магчымасцямі

Бацькоўская катэгорыя: Чыны міласэрнасці Катэгорыя: Навіны

19 кастрычніка дабрачыннае таварыства «Caritas» пры парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім вось ужо у восьмы раз правяло мерапрыемства «Мы разам!» для асоб з псіхічнымі і фізічнымі захворваннямі, іх бацькоў і апекуноў.

Сама назва «Мы разам» кажа пра тое, што вельмі важна, каб мы знаходзіліся ў супольнасці, каб мы адчувалі руку блізкага нам чалавека, яго дыханне і біццё сэрца.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі каталіцкага касцёла, але і вернікі іншых хрысціянскіх канфесій. Пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч прывітаў гасцей, якія спачатку сабраліся ў касцёле Святой Тройцы. Пасля кароткай малітвы ўдзельнікі імпрэзы прайшлі шэсцем ад святыні да Гарадскога Дома культуры.

У Доме культуры гасцей спачатку пачаставалі з дарогі рознымі прысмакамі, якія былі на сталах накрытых прама ў зале, а затым распачалася забаўляльная праграма. Умова была адна – ніхто не павінен сумаваць.

Пасля абеду, якім госці падсілкаваліся ў гасціннай сярэдняй школе №2, іх чакаў канцэрт, падрыхтаваны супрацоўнікамі Глыбоцкага гарадскога Дома культуры сумесна з удзельнікамі «Мы разам!».

«Усё што мы маем на гэтым свеце — гэта нашае жыццё. Нічога мы з сабой не возьмем, толькі нашы добрыя справы і ўчынкі, тое, што зрабілі на гэтым свеце. Дзякуй за вашу дабрыню, усмешку, добрыя словы! І хачу пажадаць: шануйце адзін аднаго і ведайце, што гэтыя моманты, якія дае Бог, яны вельмі важныя ў нашым жыцці. Толькі сэрцам і душою жыве чалавек. Свет ніколі не зробім добрым, але яго можам зрабіць крыху лепшым»,- прамовіў на заканчэнне сустрэчы дырэктар “Caritas” Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Аніскевіч.

Кс. Мікалай у сваю чаргу выразіў вялікую ўдзячнасць усім тым, хто дапамагае рэалізаваць гэты праект «Мы разам!»: спонсарам, валанцёрам, прадстаўнікам свецкай улады і супрацоўнікам Дома культуры, якія заўсёды шчыра адчыняюць не толькі дзверы прыгожага будынку, але перадусім дзверы свайго сэрца, а таксама і самім удзельнікам свята.

Марына Сінкевіч, тэкст

Леанід Юрык, фота


 

Сістэма Orphus